ДЫ́ННАЕ ДРЭ́ВА, папайя (Carica papaya),

пладовае дрэва сям. карыкавых. Культывуецца ў трапічных краінах Амерыкі, Афрыкі і Паўд.-Усх. Азіі. Радзіма — Цэнтр. Амерыка. Адно з стараж. культ. раслін. Хуткарослае, недаўгавечнае (у культуры замяняюць праз 3—5 гадоў).

Вечназялёнае дрэва выш. 4—7 м, без галін. На верхавіне разетка з буйнога лісця на доўгіх чаранках. Суквецці вісячыя, кветкі крэмавыя або белыя, часцей аднаполыя. Плод — ягада (даўж. да 30 см, маса 3—6 кг), падобная на дыню (адсюль назва). Спажываюць як дыетычны прадукт. З млечнага соку няспелых пладоў і лісця атрымліваюць фермент папаін, які выкарыстоўваецца ў харч. і лёгкай прам-сці.

Дыннае дрэва.

т. 6, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)